РЭА́ЛЬНАЯ ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,

эканамічны паказчык, што вызначае аб’ём прадметаў спажывання і паслуг, які работнік можа набыць на свае грошы, атрыманыя ў форме аплаты працы; састаўная частка рэальных даходаў насельніцтва. Яе велічыня залежыць ад памеру аплаты ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю працы і ад цэн на тавары і паслугі, падаткаў і інш. Вылічваецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і вызначае суадносіны паміж намінальнай (грашовай) заработнай платай і індэксам цэн на тавары і паслугі ў дадзены перыяд за вылікам спагнаных падаткаў і ўзносаў. Памяншэнне Р.з.п. звязана з інфляцыяй, калі яна не кампенсуецца павелічэннем, індэксацыяй заработнай платы.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)